Автор: Intex-press

16:56, 29 октября 2008

Спецпроекты

remove_red_eye 222

Сляды Спадчыны. Савейкі (новыя фота)

Сядзіба Навіцкіх у Савейках (Ляхавіцкі раён) і сёння нагадвае невялікі куток старога еўрапейскага мястэчка: старадаўнія прысады вядуць да шляхетнага палаца сярод парку са скульптурамі, побач масток з балюстрадай выводзіць да маляўнічага вадаёма, у люстэрку якога адбіваюцца бухматыя шаты ясеняў ды алешын і будынкі старасвецкай архітэктуры. Закінутасць – адзінае, што нагадвае тут пра Беларусь.

Учора

З пачатку 60-х гадоў XIX ст. маёнткам у Савейках уладарыць род Навіцкіх. Да гэтай даты сядзіба пераходзіла з рук у рукі шматлікіх знаных гаспадароў. Сярод іх – і Канстанцін Фадзей Рдултоўскі, вядомы нам як маршалак Слуцкі, выпускнік Сарбоны, добры сябар Адама Міцкевіча і перакладчык яго твораў на англійскую мову.

РЕКЛАМА

Як пазначае даследчык А. Федарук, дата пабудовы палаца ў Савейках застаецца сёння нявысветленай. Аднак спалучанасць у архітэктуры будынка барокавых і класіцыстычных формаў дазваляе меркаваць пра верагодны час стварэння палаца – канец XVIII – пачатак XIX стст.

Палац уяўляе сабою прастакутны, аднапавярховы будынак з ёмістымі заламі нулявога паверха, цэнтральная частка палаца – двухпавярховая. Фасад будынка арганізуюць шырокія тэрасы з балюстрадамі на ўзроўні першага і другога паверхаў, якія раздзяляюцца чатырма парамі калонаў. На ніжняй тэрасе калісьці спыняліся брычкі, хаваючыся ад дажджу, сёння паркуецца адміністрацыйны транспарт.

Як згадвае А. Федарук, у крыніцах не захавалася і звестак пра інтэр’ер будынка, хаця вядома, напрыклад, што на падлозе ляжаў узорны паркет, выраблены галандскімі майстрамі.

На адным беразе маляўнічай сажалкі паўстаў двухпавярховы тынкаваны будынак афіцыны, на іншым пазней – агромністы бровар. На яго франтоне і сёння можна разгледзець інкруставаныя надпісы: R 1901 і T. N., што сімвалізуюць дату пабудовы і ініцылы гаспадара: Тэафіл Навіцкі. Бровар пабудаваны з выкарыстаннем паколатых рознакаляровых каменных парод і чырвонай цэглы.

Сядзібу характарызавала і развітая пейзажная частка з сістэмай сажалкаў рознай формы і памераў. На выспачку аднаго з іх у паркавай глушы да каменнай альтанкі быў перакінуты арачны масток.

У вайну палац у Савейках дужа пацярпеў, але гэта яшчэ не паставіла крыжа на далейшым лёсе архітэктурнага ансамбля…

Сёння

Пасля вайны савейкаўскі палац аднавілі і размясцілі тут Дом адпачынку саюзнага значэння, які праіснаваў да 1963 года. У пік летняга сезона тут адпачывала да 250 чалавек. Да 80-х гадоў у палацы месціўся санаторый, да 2003 года – бальніца. Сёння адміністрацыйная вартасць будынка здрабнела да мясцовай амбулаторыі, у супрацоўнікаў якой няма аптымізму наконт далейшага лёсу будынка. Першыя словы, якімі сустрэлі мяне тамтэйшыя гаспадары: “Можа, вы прыехалі нарэшце купіць наш палац, бо дужа шкада: такі прыгожы будынак прападае…” Апошні касметычны рамонт палаца быў зроблены з дзесяць гадоў таму. Калі праводзілі капітальны рамонт будынка – не здолеў прыгадаць ніхто.

РЕКЛАМА

Сядзіба сапраўды чэзне на вачах. Тынк палаца асыпаецца, шыкоўны будынак бровара стаіць з забітымі вокнамі, сажалкі зарастаюць. Мясцовыя жыхары кажуць, што бабры пакрысе разбураюць сфармаваную сістэму вадаёмаў.

З паркавага партэра перад палацам, дзе калісьці багата цвілі кветкі, каменны Ленін назірае за тым, да якога стану яго паслядоўнікі давялі старую сядзібу. Бадай, не лепшы лёс чакае і сам помнік правадыру сусветнага пралетарыяту.

За адзін-два кіламетры ад вёскі месцяцца старыя могілкі з родавай капліцай. Час і вандалы пакінулі свае сляды і тут, хаця сцены будынка яшчэ вытрымліваюць на сабе цяжар паваленых на іх агромністых дрэваў. Цікава, ці прастаяць яшчэ пяць-дзесяць гадоў усе чатыры ацалелыя дагэтуль калоны капліцы, калі праз бясконцую цішу наваколля і росквіт разнатраўя да іх так і не дабяруцца людзі, ані з добрымі, ані з благімі намерамі?

Фота — Зміцера Веліча

Да Савеек з Баранавіч прасцей даехаць так: цягніком Баранавічы – Лунінец да станцыі Куляні (адпраўленне з Баранавіч штодня ў 5.02, 7.42, 12.02, 17.15), адтуль пешкі да сядзібы каля 4 км. Можна таксама даехаць аўтобусам да Ляхавіч, адкуль арганізуюцца маршруты да Савеек.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up