Автор: Алесь Гізун

16:05, 27 октября 2008

Спецпроекты

remove_red_eye 217

Сляды спадчыны. Фляр’янава

Калісьці сядзіба Бохвіцаў у Фляр’янава на Ляхавіччыне была адным з найулюбёных месцаў адпачынку пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Летнімі вечарамі тут ладзіліся тэатральныя імпрэзы, гучалі Шапэн і Грыг, а старыя ліпавыя прысады вабілі маладыя пары да маляўнічых рачных панарам. Сёння частка вокнаў сядзібавага дома забіта фанерай, гніюць на зямлі яблыкі з элітных садоў Яна Бохвіца, а па-над усім уладарыць залатая восень.

Учора

Драўляны сядзібавы дом у другой палове XIX ст. паставіў Ян Атон Бохвіц, сын беларускага філосафа і тэолага Фляр’яна Бохвіца, у гонар якога і была названа сядзіба. Пазней да дома былі дабудаваны два бакавыя тынкаваныя каменныя фрагменты. Тарэц левага корпуса ў формах неаготыкі выкананы з чырвонай цэглы і заканчваецца васьмю шматкантовымі вежамі розных памераў, якія ўвянчаны чашамі. Стыль гэтага элемента дужа нагадвае вонкавы дэкор іншага палаца Бохвіцаў у в. Паўлінава Баранавіцкага раёна (пра палац у Паўлінава “IP” пісала сёлета ў № 22 ад 29 мая), што дае падставы меркаваць пра адзіны архітэктарскі почырк.

РЕКЛАМА

Згаданы каменны фрагмент з гатычнымі вокнамі і ўваходамі і сёння кантрастуе з астатняй драўлянай часткай. Калісьці ён выконваў функцыю параднага фасаду.

Унутры дом меў 19 пакояў, сярод якіх вылучаўся вялікі салон у неагатычным стылі. У свой час тут адпачывалі Радзі-вілы, Рэйтаны, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, аўтар “Зямлі абяцанай” Уладзіслаў Рэймант. “Скажыце фляр’янаўскім бэзам, каб да майго прыезду не адквітнелі”, – пісала ў сваім лісце пісьменніца Эліза Ажэшка. Як піша даследчык А. Федарук, раней сядзіба літаральна патанала ў бэзе. Ян Атон Бохвіц быў спецыялістам у садаводстве і дбаў пра культуру земляробства ў краі. Сад у Фляр’янава меў статус аднаго з найлепшых садоў у Беларусі. У парку, што разам з садам меў выгляд паўсферы, былі і рэдкія віды флоры: ліпа Мольтке, канадская таполя, сібірская кедравая хвоя, веймутава хвоя, конскі каштан, глог…

Працяглыя паркавыя прысады прыводзілі да маляўнічай лагчыны рэчкі Ведзьмы, на тэрасе якой па задуме гаспадароў і была размешчана сядзіба. Эліза Ажэшка згадвала калісьці: прысады Фляр’янаўскага парку вядуць у бясконцасць.

Сёння

Сёння сядзібава-паркавы комплекс мемарыяльнага значэння ў Фляр’янава належыць калгасу і занепадае, як і большасць астатніх у нашым краі. У савецкія часы ў доме Бохвіцаў месцілася кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, цяпер будынак пустуе, частка вокнаў за-біта фанерай. На адным з іх вяшчае агітацыйны плакат вядомай эпохі: «Дальнейший подъем сельского хозяйства – общенародная задача». У адным з пакояў да сённяшняга дня захавалася старая шляхетная шафа гатычнай формы. Не разрабаваны, у адрозненне ад астатніх палацаў рэгіёна, і ўзорны кафляны ка-мінок.

Колішні партэр сядзібы экспансаваны машынным дваром мясцовага калгаса, частка парку разарана гаспадарнікамі, рэчку выпрасталі, пасля чаго пейзажныя перспектывы былі моцна пашкоджаны. Як згадвае даследчык А. Федарук, на месцы былога саду, дзе расла прышчэпленая вішня высакароднага гатунку, размясцілася бензазапраўка, на месцы колішняй паляны – газавая станцыя. Да гэтых часоў растуць некалькі старых ліп заязной прысядзібавай алеі, якія і ўтвараюць прысады. Некалькі ўражвальных агромністых ліп захаваліся і вакол дома. Сярод ацалелых гаспадарчых пабудоў можна адшукаць клець, флігель і шасцікантовую лядоўню (сёння эксплуатуюцца мясцовым насельніцтвам), закінутую студню. На жаль, яшчэ падчас I-й Сусветнай вайны вывезены немцамі каваныя чыгунныя краты заезнай брамы.

Мемарыяльнай каштоўнасцю сядзібы з’яўляецца дуб, пасаджаны ў 1908 – 1909 гадах Элізай Ажэшкай. Як сведчаць шыльды, памятны дуб і ўвесь сядзібава-паркавы комплекс ахоўваюцца дзяржавай. Аднак кожны падарожнік, які наведае сёння Фляр’янава, пераканаецца, што адзіным надзейным і неаспрэчным ахоўнікам старой сядзібы застаецца залатая фляр’янаўская восень.

Фота — Людмілы Пракопавай.

У Фляр’янава з Баранавіч можна патрапіць так: аўтобусным маршрутам Баранавічы – Ляхавічы даехаць да прыпынку Карані, адкуль пешшу да сядзібы застанецца каля 4 км. Апроч гэтага, можна даехаць аўтобусам да Ляхавіч, адкуль арганізуюцца рэйсы да Фляр’янава.

Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

РЕКЛАМА

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up