Новости / Общество

Як наш падпісчык перажыў польскую, нямецкую і савецкую экспансіі

24.10.2008, 9:57 / remove_red_eye 120 / chat_bubble

Пра свой нялёгкі лёс на далоні гісторыі, пра важнасць свабоды слова ў грамадстве расказвае наш 85-гадовы зямляк, які перажыў польскую, нямецкую і савецкую экспансіі.

Паміж чужымі і чужымі

Нарадзіўся Леанід Цярэшка ў 1923 годзе ў вёсцы Вольна. Пасля сямігодкі паступіў у Баранавіцкую дарожна-будаўнічую гімназію. На дварэ быў памятны 1937 год. Леанід Пятровіч планаваў  стаць тэхнікам-будаўніком, але ў 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь прыйшлі саветы і гімназію ліквідавалі. Навучэнцаў перавялі ў 9 клас рускай школы, што была на вуглу вуліц Гагарына і Брэсцкай. “Калі ў гімназіі нас навучалі па-польску, дык цяпер пачалі прывучаць да рускай мовы, – прыгадвае тыя часы Леанід Цярэшка. – Дома з бацькамі мы размаўлялі па-беларуску”.

Закончыўшы дзесяць класаў рускай школы, у 1941 годзе Леанід Пятровіч пачаў настаўнічаць у Вольнаўскай школе: выкладаў усе дысцыпліны ў чацвёртым класе. …На фронт маладога выкладчыка не забралі. Яго “лінія фронту”, не менш значная і адказная, пралегла перад школьнымі партамі. Пасля вайны Леанід Цярэшка жадаў працягнуць адукацыю, напісаў заяву на паступленне ў Гарадзенскі педінстытут, але гэта мара так і не ажыццявілася: моцна трымала бацькоўская гаспадарка.

РЕКЛАМА

Вайна пасля вайны

Пасля заканчэння вайны з фашыстамі працягнулася вайна супраць сваіх. Бацькоў Леаніда Цярэшкі назвалі кулакамі (бацька на той час ужо памёр), а яго самога пазбавілі настаўніцкай пасады. Звольнілі нібыта з прычыны непадвышэння прафесійнай кваліфікацыі, хаця адпаведныя курсы ў Клецку выкладчык наведваў. З 1945-га ён пяць гадоў працаваў канторшчыкам на станцыі Баранавічы-Цэнтральныя. “Улік вагонаў – праца няцяжкая, – кажа Леанід Цярэшка, – але ж і адсюль выгналі. Мяне звольнілі нібыта па скарачэнні штатаў, хаця, як я даведаўся, назаўтра на маё месца ўзялі іншага”. Адчуваючы сябе прыніжаным і зняважаным, Леанід Цярэшка каля года блукаў па Баранавічах у пошуках працы. Працадаўцы знаходзіліся, пагаджаліся прыняць на працу, але назаўтра раптам адмаўлялі.

Дамоклаў меч абрынуўся не толькі на лёс Леаніда Цярэшкі, але і іншых яго сямейнікаў. “Найстарэйшы мой брат памёр яшчэ раней, – тлумачыць Леанід Цярэшка. – Другога брата засудзілі і саслалі ў Находку, далі дзесяць гадоў за тое, што не вывез лесу з будоўлі трасы Мінск – Брэст. Тады сельсавет патрабаваў, каб кожная сям’я вывезла сваю долю пяску  і лесу з новабудоўлі. Брата засудзілі, каб прыстрашыць іншых. А ў яго на той час абвострылася язва страўніка, ён проста не мог працаваць…” Яшчэ адзін брат пасля нямецкага палону працаваў шаўцом у Нямеччыне. Яму прапаноўвалі з’ехаць у Амерыку, але ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь. На радзіме не ведалі, што рабіць з былымі ваеннапалоннымі, і выслалі ў Данбас.

У 1951 годзе Леаніду Цярэшку дапамаглі ўладкавацца на радыёвузел. Неяк праз паўтара  года яго выклікалі да дырэктара і без тлумачэнняў забралі ў міліцыю. Раніцай прывезлі дадому і загадалі збіраць рэчы. “А якія ў мяне там рэчы?! – прыгадвае Леанід Цярэшка. – Памятаю, узяў некалькі кніг па арганізацыі працы на радыёвузле ды “Вайну і мір” Талстога”. Два тыдні вагоны імчалі Леаніда Цярэшку з хворай 75-гадовай маці ды іншымі людзьмі ў паўднёвы Казахстан.

“Тагачасны старшыня райсавета мне распавядаў, што ў Бартніках быў багацей Ліцкевіч, які меў уласны млын і пчолы, – расказвае Леанід Цярэшка. – Той прынёс старшыні бочачку мёду, дык кулацтва з яго знялі. А нам не было чаго даваць. Зямлі некалі было шмат, але ўсім дзецям  трэба бало даць, як бралі шлюб”.

У Казахстане Леанід Цярэшка, як прызнаецца, працаваў “куды пашлюць”: пілаваў лес, апрацоўваў і збіраў бавоўну ў калгасе, год настаўнічаў, быў улікоўшчыкам цахоў у арцелі інвалідаў і электрыкам на заводзе. Тут і ажаніўся. Маці часта  ляжала ў бальніцы, яе трэба было даглядаць, таму думка паступіць у мясцовы педагагічны інстытут ізноў засталася нерэалізаванай.

Парадоксы жыцця

У 1957 годзе Леаніда Цярэшку выклікалі ў вайсковую камендатуру і сказалі: ты вольны – едзь куды хочаш. Праўда, афіцыйны ліст ад намесніка началь-ніка УУС БССР з запісам: “ошибочно был включен в списки на спецпоселение” Леанід Пятровіч атрымае толькі ў 1992 годзе.

З жонкай і трыма дочкамі (маці памерла ў 1954 годзе) ён падаўся да цесця ў Грузію. Там атрымаў некалькі сваіх пакояў ад металургічнага завода.

У 1969 годзе, абмяняўшы кватэру, Леанід Цярэшка вярнуўся ў Беларусь. “Чортава кватэра: сонца зусім не трапляе, – наракае сёння Леанід Пятровіч на свой даваенных яшчэ часоў дом у цэнтры Баранавіч. – Гэты дом будзе яшчэ сто гадоў стаяць. Польская цэгла –  не тое што наша сённяшняя… Неяк манціраваў батарэю, дык ледзь выб
іў дзірку. Стукнеш – агонь ляціць”.

Выказваючы сваё стаўленне да мінулага, Леанід Цярэшка цяжка ўздыхае: “Крыўдна. Мне не дазвалялі проста спакойна працаваць”.

Дарэчы, пасля вяртання Леанід Цярэшка адпрацаваў слесарам на Баранавіцкім баваўняным заводзе яшчэ 26 гадоў. Агульны працоўны стаж яго склаў 54 гады.

“Сёння адна з маіх рэпрэсаваных дачок з Маг-нітагорска прыязджае да мяне за паўцаны, – пераходзіць да набалелага Леанід Цярэшка. – А я і дзве дачкі, што жывуць у Баранавічах, вымушаны ездзіць па поўным  кошце”.

Праз усё сваё нялёгкае жыццё Леанід Цярэшка імкнуўся па магчымасці займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калісьці ў Казахстане працаваў старшынёй рэвізійнай камісіі ў мясцовай арцелі, вярнуўшыся ў Беларусь, быў абраны засядальнікам у судзе. Праўда, кардынальна паўплываць на працэсы ў той час, прызнаецца Леанід Пятровіч, было амаль немагчыма: “Такія былі часы”.

“Сёння жыць значна лепш, – разважае Леанід Цярэшка. – У нашы дні ўсяго хапае, няма толькі здароўя. Раней у нас было здароўе – не было магчымасці жыць. Такія вось парадоксы жыцця. Цяпер я дзякую Богу за тое, што сам магу сябе дагледзець і прашу даць мне магчымасць сваімі нагамі дахадзіць да смерці, каб не валяцца па бальніцах”.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up