Новости / Спадчына

Баранавічы на старых паштоўках. Вул. Марыінская–Hauptstrasse- Шаптыцкага-Савецкая

20.10.2008, 12:38  chat_bubble0

Найчасьцей на старых баранавіцкіх паштоўках прадстаўлена адна вуліца, вядомая кожнаму жыхару гораду. Вуліца якая мае сёньня не адпаведную часу назву – Савецкая.

Гэтая вуліца была запраектаваная графам Развадоўскім і адна зь першых зьявілася ў рэчаіснасьці. Першапачаткова вуліца названая была ў гонар дачкі Развадоўскага – Марыінская (Мариинская).

 

Вуліца зьяўлялася таксама мяжою для пасяленьня габрэяў. Напачатку Генэральны губэрнатар дазволіў сяліцца жыдам толькі да чыгункі (прыкладна цяперашняя Брэсцкая) і вуліцы Марыінская. Абмежаваньне тое было адменена толькі ў 1903 годзе.

Назва пратрымалася да І сусьветнай вайны. З захопам нашага гораду кайзэраўскім войскам у 1915 годзе вуліцу назвалі на нямецкі лад – Hauptstrasse (Галоўная вуліца). Гэтая назва найчасьцей і сустракаецца на старых паштоўках, бо як ужо пісалася, найбольшыя наклады паштовак з Баранавічамі друкаваліся менавіта пад час I сусьветнай вайны. Нямецкім жаўнерам даспадобы было тады пісаць лісты з фронту на паштоўках.

Пасьля адыходу немцаў вуліца недзе да 1921 году вярнула сваю даваенную назву. Але польскія ўлады вырашылі надаць вуліцы назву Шаптыцкага. Польскага генэрала, камандуючага Літоўска-Беларускім фронтам, які вызваляў Баранавічы ад бальшавікоў.

 

Назва вуліцы праіснавала гэтулькі, колькі пратрымлася польская ўлада на нашых землях. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе, вуліца ізноў зьмяніла назву на цяперашнюю – Савецкая.

Падчас акупацыі гораду фашыстамі вуліца атрымала сваю першую назву – Марыінская. Але пасьля 1944 і да сёньняшняга часу ізноў сталася Савецкаю. Па яе бруку праходзілі савецкія парады, таксама савецкія танкі ў 1939 годзе.

Старыя паштоўкі захавалі для нас выгляд той, старой вуліцы. Ня было гатэлю «Гарызонт» – на яго месцы кавярня «Залаты рог». Друкарня яшчэ мае прыгожыя вежы-цыбулінкі, уздоўж цягнуцца драўляныя слупы. Прыпаркаваныя першыя аўто…

Гісторыя гораду толькі пачынаецца, застыўшы для нас назаўжды на гэтых картках.

 

 

Фота з архіву Руслана Равякі.

Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии